Ефрасіння Полацкая


Ефрасіння Полацкая


Слоўнік
Дойлід - архітэктар, той, хто планаваў і кіраваў будаўніцтвам.
Ігумення - галоўная манахіня праваслаўнага жаночага манастыра.
Манахіня (манах) - чалавек, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу.
Мошчы - астанкі цела святых Праваслаўнай Царквы.
Паломніцтва - падарожжа з мэтай наведаць святыя месцы.
Сабор - галоўная царква горада. 
Святыня - прадмет або месца для пакланення веруючых; тое, што з'яўляецца асабліва каштоўным.
Скрыпторыі - кніжныя майстэрні
Ювелір - майстар, які вырабляе прадметы мастацтва, упрыгожанні з каштоўных металаў, з каштоўнымі камянямі.

11 фактаў пра Ефрасінню Полацкую


  • Жыла ў 12 ст.
  • Унучка легендарнага князя Усяслава Чарадзея.
  • Пры нараджэнні дзяўчынка атрымала імя Прадслава.
  • Імя Ефрасіння   - ад грэч. "радасць".
  • Ефрасіння перапісвала Святое Пісанне, вяла Полацкі летапіс; яна пісала і ўласныя творы - малітвы, казанні, перакладала з грэчаскай і лацінскай моў.
  • Невядомы палачанін напісаў пра яе  "Жыціе Ефрасінні Полацкай"
  • Па загадзе Ефрасінні Полацкай майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў крыж. Яго вышыня - 52 см. Крыж быў выкананы з кіпарыса, аббіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі (рус. иконками). У пяці паглыбленнях знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі. У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца. 
  • Акрамя Ефрасінні манашкамі сталі дзве яе сястры. Іх звалі Звеніслава і Гардзіслава. У манастыры ім далі наступныя імёны - Еўпраксія і Еўдакія. 
  • У "Жыціі Ефрасінні Полацкай" расказваецца, што ёй прысніўся сон, у якім анёл (рус. ангел) прывёў да мястэчка Сяльцо на беразе ракі Палата, дзе была звычайная драўляная царква. І гэты сон сніўся Ефрасінні тры разы. Гэта быў знак Божы. Ефрасіння пайшла туды і заснавала манастыр. Каля гэтага манастыра яна загадала пабудаваць Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. Вядомы дойлід Іаан пабудаваў яе за 30 тыдняў. Зараз мошчы Святой Ефрасіння знаходзяцца ў гэтай царкве.
  • У канцы свайго жыцця Ефрасіння Полацкая здзейсніла  паломніцтва  ў Іерусалім да труны (рус. гроб) Ісуса Хрыста. У Іерусаліме яна і памерла. Пахавалі Ефрасінню ў Пячэрскай Лаўры ў Кіеве (на той час гэта было самае святое месца на славянскіх землях).
  • 5 чэрвеня - Дзень памяці Ефрасінні Полацкай, які адзначаецца на Беларусі.

Відэафільм "Ефрасіння Полацкая"



Ефрасіння Полацкая     
Ад таго часу, калi жыла Святая Ефрасіння, i да сучаснасці ўжо адмерана больш за восем стагоддзяў. Яна прысвяцiла сваё жыццё Богу i людзям. Князёўна Прадслава, унучка легендарнага князя Усяслава Чарадзея, стала манашкаю i атрымала новае iмя — Ефрасiння. У перакладзе з грэчаскай мовы гэта значыць «радасць». Пазней князёўну па родным горадзе назвалi Ефрасiнняй Полацкай.
За манастырскiмi сценамi яна змагла цалкам аддацца кнiжнай навуцы. Ефрасіння чытала Бiблiю і іншыя старажытныя кнігі, таксама вывучала летапiсы, дзе распавядалася пра мiнулае розных краін.
Яна хацела, каб у Полацкім княстве было як мага больш пісьменных людзей, i марыла пра тое, каб кнігі перапісвалі не адзінкі, а дзясяткі вучоных людзей. Як князёўна, яна мела шмат грошай. Дзякуючы гэтаму заснавала два новыя манастыры, а пры іх адкрыла кніжныя майстэрні — скрыпторыумы. Адзін майстар рабіў тут малюнкі, другі — каляровыя вялікія літары, трэці — вокладкі. Калі трэба было перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыумаў кнігі развозілі па ўсёй дзяржаве i ў суседнія землі.
Пасяліўшыся ў маленькім пакойчыку-келлі, Ефрасіння ўзялася перапісваць кнігі. Гэта была нялёгкая праца. Перапісваннем кніг тады займаліся толькі мужчыны. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася жанчына, было подзвігам.
Ефрасіння пісала i свае творы — малітвы i павучанні, а таксама перакладала з замежных моў. Частка перапісаных князёўнаю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздаваліся бедным.
Каб упрыгожваць цэрквы абразамі,  Ефрасіння стварыла мастацкую майстэрню.
Ефрасiння Полацкая зрабіла для нашага народа столькi добрага, што людзi назвалi яе святой. Пасля смерці яе пачалi маляваць на абразах i прасіць у яе дапамогi ад злых сіл. Нашы прашчуры верылi, што за вялікія заслугi Бог забраў асветнiцу на неба i адтуль яна спрыяе землякам ва ўсіх добрых справах.
             Па замове Ефрасінні дойлід Іаан пабудаваў вядомую цяпер на ўвесь свет царкву Спаса. А майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў для Ефрасінні ўнікальны крыж, які стаў выдатным помнікам беларускай даўніны. Крыж Ефрасінні Полацкай утрымліваў шмат каштоўнасцей: кроплі крыві Ісуса Хрыста, кавалачак крыжа Гасподняга, драбок каменя ад дамавіны Багародзiцы, выявы Сына Божага i яго Маці. Крыж упрыгожаны залатымi, сярэбранымпласцінамі,  каштоўнымi камянямi.
Усё жыццё яна служыла асвеце свайго народа. У адкрытых ёю школах, апрача чытання, пісьма i лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэчаскую i лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў i дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.
У Полацку знаходзіцца духоўная рэлiквiя беларускай зямлi — Спаса-Ефрасiннеўская царква. У ёй малілася за ўсix нас Святая Ефрасіння. У той царкве захоўваюцца мошчы нашай нябеснай заступніцы. Захавалася i келля, дзе святая пражыла свае апошнiя гады. Тут ёсць i копiя яе Жыватворнага Крыжа, якi зрабiў беларускі мастак-ювелiр Мiкалай Кузьмiч (паводле У. Ліпскага, У. Арлова).
Што вы даведаліся пра асветніцу Ефрасінню Полацкую?
Чаго яна жадала людзям?
Што яна зрабіла для пашырэння асветы свайго народа?
Чаму яе назвалі святой?



Дойлід Іаан
Асветнiца Ефрасiння Полацкая збiрала вакол сябе таленавiтыx людзей. Імёны двух з ix дайшлi да нашых дзён. Гэта дойлід Іаан i ювелiр Лазар Богша.
Дойлід — тое самае, што архітэктар. Ён стварае праекты розных будынкаў i сочыць за тым, як гэтыя праекты ператвараюцца ў саборы, палацы ды іншыя пабудовы.
Іаан — самы вядомы са старажытнабеларускіх дойлідаў. У адным з заснаваных Ефрасінняю манастыроў ён пабудаваў па яе просьбе царкву казачнай прыгажосці.
Сказала яна: «Сястры нашай Саламанідзе падалося: спусціўся на манастырскі двор, на самую сярэдзіну, бялюткі бусел. Ён перавярнуўся на адным месцы тры разы, пасля задраў у неба дзюбу i гучна заклекатаў. Вылецеў з дзюбы белы голуб ды падняўся ў неба так вы­сока, што згубіўся. То ёсць знак Божы. На гэтым месцы мусіць быць пастаўлена царква страйнюткая i гожая, як бусел, а голуб — Дух Божы, што асвячае нашы намеры i справы. Ці зробіш так, Іаан?»
«Усё зраблю, матухна, блаславі!» — адказаў ён.
Дойлід Іаан зрабіў нешта неверагоднае. Царкву змуравалі не толькі на дзіва хутка, усяго за 30 тыдняў. Сваімі абрысамі, стромкай, узнёслай кампазіцыяй яна была не падобная ні на адзін храм ва ўсёй Усходняй Еўропе. Разам з тым яна была невялікай — усяго 8 на 12 метраў. Новыя архітэктурныя i дэкаратыўныя прыёмы, якія ўжыў дойлід Іаан у царкве, пачалі распаўсюджвацца i на Усход, i на Захад.
Гэтая царква завецца Спаса-Ефрасіннеўскай. Яна і сёння стаіць паблізу ракі Палаты i нагадвае казачную белую птушку, што апусцілася з неба на цудоўны зялёны луг.
Усе сцены Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ўсярэдзіне пакрытыя дзівоснымі фрэскамі. Старажытныя фарбы цудоўна захаваліся. У той час мастакі рабілі іх самі. З на­стою паленых яловых шышак атрымлівалася, напрыклад, добрая фіялетавая фарба, а з паленай косці — сіняя са смарагдавым адлівам.

Чаму памяць пра дойліда Іаана захавалася да нашых дзён?
Што стала знакам для яе пабудовы?
Дзе знаxодзiцца пабудаваная ім Спаса-Ефрасіннеўская царква? 

Крыж-святыня
У кожнага народа ёсць святыні. Для беларускага на­рода такой святыняй з’яўляецца крыж Ефрасінні Полацкай. Гэты крыж па заказе Ефрасінні зрабіў у 1161 годзе полацкі майстар-залатар Лазар Богша.
Паданне сведчыць: крыж свяціўся i ў самай непрагляднай цемры, хворым вяртаў здароўе, знявераным i знясіленым — надзею на лепшае жыццё. Каб убачыць гэты цуд сваімі вачыма i пакланіцца яму, у горад над Заходняй Дзвіной здалёку i зблізку прыходзілі вернікі.
У даўжыню крыж меў амаль 52 сантыметры. На драўляную аснову мацаваліся сярэбраныя, пазалочаныя i залатыя пласціны, аздобленыя тонкімі эмалямі, каштоўнымі камянямі, жэмчугам. З абодвух бакоў крыжа знаходзіліся 20 абразоў святых, архангелаў i апосталаў царквы. У самым нізе адваротнага боку крыжа, пад абразом Святога Панцеляймона, было выціснута імя майстра — Лазара Богшы. На баках крыжа быў надпіс, у першай палове якога апавядалася, па чыім загадзе i навошта быў зроблены гэты крыж, а ў другой — змяшчалася страшнае закляцце супраць рабаўнікоў.
Шмат разоў крыж па нядобрай волі пакідаў сцены Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, але заўсёды вяртаўся ў слаўны Полацк.
Перад Другой сусветнай вайной крыж знаходзіўся ў Магілёве. Потым, у час ваеннай віхуры, кудысьці знік.
I дасюль невядома, дзе знаходзіцца народная святы­ня. Але абавязкова настане дзень, калі крыж Ефрасінні Полацкай вернецца на Беларусь i зноў будзе мацаваць нашу веру ў будучыню, асвятляць нам шлях да людскасці i хараства . (паводле У. Ягоўдзіка, 
С. Тарасава).

Дадатковыя заданні

1. Выказванне Ефрасінні Полацкай 









4. 


Спіс выкарыстанай літаратуры, ілюстрацый, фотаздымкаў 
      1.      06 05 Преподобная Евфросиния Игумения Полоцкая [электронный ресурс]. – Режим доступа: -https://www.youtube.com/watch?v=evGHKFT9-0Q  (дата доступа 25.12.2018)
       2.     Крест  Преподобной  Ефросініі  Полоцкой [электронный ресурс]. – Режим доступа: - HTTP://WWW.PRAVOSLAVIE.RU/56194.HTML (дата доступа 25.12.2018)   
     3.     Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь : вучэб. дапам. для 4-га кл. устаноў агул. сярэд. Адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С.В. Паноў, С.В. Тарасаў. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2018. – 166 с. : іл.
       4.     Мая Радзіма – Беларусь. 4 клас : кніга для чытання /Г.У. Трафімава, С.А. Трафімаў: - Мінск.: Аверсэв, 2015 – 156 с. : іл. (Урок у пачатковай школе)
     5.     Спасо - Ефросиньевский монастырь [электронный ресурс]. – Режим доступа: - http://igor-greff.narod.ru/pages/efrosiniya_polozkaya.htm (дата доступа 25.12.2018)
    6.     Манастыр Спаса-Эўфрасіннеўскі | Полацк [электронный ресурс]. – Режим доступа: -https://www.radzima.org/be/object-at-map/5092.html  (дата доступа 24.12.2018)

Комментариев нет:

Отправить комментарий